НАПЯРЭДАДНІ СВЯТА - РУП «НПЦ НАН Беларуси по механизации сельского хозяйства»
ПРИЕМНАЯ
+375 17 272-02-91
ОТДЕЛ МАРКЕТИНГА
+375 17 356-87-86

НАПЯРЭДАДНІ СВЯТА

НАПЯРЭДАДНІ СВЯТА

 

ДЗЕНЬ БЕЛАРУСКАЙ НАВУКІ

На шчасце, смутныя часы, калі навуковыя пошукі і даследаванні лічыліся ерассю і ўсяляк падвяргаліся ганенню з боку царквы, даўно ў мінулым. Сёння актуальнасць і неабходнасць развіцця навукі не падлягае сумневу ні для простых абывацеляў, ні для супрацоўнікаў дзяржаўнага апарату. Менавіта найноўшыя даследаванні і крэатыўны падыход да вырашэння існуючых праблем, а таксама ўкараненне прынцыпова новых распрацовак у вытворчасці, медыцыне і адукацыі дазваляюць якасна павысіць узровень жыцця насельніцтва, а краіне заняць пэўнае становішча на сусветнай палітычнай арэне.

Таму, напярэдадні святкавання Дня Навукі ў Рэспубліцы Беларусь, хочацца яшчэ раз нагадаць пра самых вядомых навукоўцаў нашай краіны:

 

Ігнат Дамейка

Нарадзіўся ў Беларусі ў 1802 годзе. Быў знакамітым геолагам, большую частку жыцця правёў у Чылі, дзе стаў нацыянальным героем. За свае дасягненні афіцыйна прызнаны ЮНЕСКА.

 

Іван (Ян) Чэрскі

Буйны вучоны-географ, геолаг, знакаміты даследчык Сібіры, імем якога названы цэлы шэраг геаграфічных аб’ектаў. Нарадзіўся ў маёнтку Сволна Віцебскай губерні ў 1845 годзе.

 

Мікалай Судзілоўскі (Нікалас Русель)

Этнограф, географ, хімік, біёлаг, лекар-генетык, рэвалюцыянер-народнік, першы прэзідэнт сената Гавайскіх выспаў. Нарадзіўся ў 1850 г. у Магілёве ў збяднелай шляхецкай сям’і. C 1892 году жыў на Гаваях, дзе адстойваў правы карэнных жыхароў.

 

Аляксандр Чыжэўскі

Нарадзіўся ў Гродзенскай вобласці ў 1897 годзе. Прызнаны вучоны, які вывучаў біялагічнае ўздзеянне Сонца і сусвету, у тым ліку суадносіны сонечнай актыўнасці з перыядамі войнаў у гісторыі чалавецтва.

 

Соф’я Кавалеўская

Першая ў свеце жанчына-прафесар матэматыкі паходзіць з шляхецкага беларускага роду. Дзяцінства правяла ў маёнтку Палибино Віцебскай губерні, а ў 18 гадоў ўступіла ў фіктыўны шлюб, каб паехаць за мяжу і займацца навукай. Працы Кавалеўскай прысвечаны матэматычнаму аналізу, механіцы, астраноміі.

 

Павел Сухі

Авіяканструктар, вынаходнік, адзін са стваральнікаў рэактыўнай і звышгукавой авіяцыі, аўтар паўсотні арыгінальных канструкцый самалётаў, больш за трыццаць з якіх былі пабудаваны і выпрабаваны. Нарадзіўся ў 1895 г. у горадзе Глыбокае Віцебскай вобласці.

 

Міхаіл Высоцкі

Выдатны навуковец і канструктар, пад кіраўніцтвам якога ствараліся лепшыя аўтамабілі МАЗ, на працягу дзесяцігоддзяў генеральны канструктар па аўтамабільнай тэхніцы Беларусі. Аўтар 134 вынаходак і 17 патэнтаў. Герой Беларусі (2006),. Нарадзіўся ў в. Семежава Мінскай вобласці (1928).

 

Жарэс Алфёраў

Нарадзіўся ў Віцебску ў 1930 годзе. Алфёраў удастоены Нобелеўскай прэміі па фізіцы ў 2000 годзе.

 

Карыстаючыся выпадкам, калектыў РУП «НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі»  сардэчна віншуе сваіх калег з агульным прафесійным святам і жадае далейшых поспехаў.