Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі: Найвышэйшая эфектыўнасць пры найменшых выдатках — гэта патрабаванне часу - РУП «НПЦ НАН Беларуси по механизации сельского хозяйства»
ПРИЕМНАЯ
+375 17 272-02-91
ОТДЕЛ МАРКЕТИНГА
+375 17 356-87-86

Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі: Найвышэйшая эфектыўнасць пры найменшых выдатках — гэта патрабаванне часу

Чатыры гады таму на базе Інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі створаны «Навукова-практычны цэнтр па механізацыі сельскай гаспадаркі», з тым жа падпарадкаваннем Акадэміі навук. Гэты акт, аднак, не з’явіўся простай зменай назвы. Навукова-практычны цэнтр адразу ж набыў больш важкі статус ва ўсёй сваёй дзейнасці, стаў каардынуючым і накіроўваючым у краіне органам у справе механізацыі, электрыфікацыі і аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў у сельскай гаспадарцы, што надало сістэмнасць усёй гэтай рабоце, дазволіла сканцэнтраваць намаганні навукоўцаў, канструктараў і сельскіх працаўнікоў на пэўных, найбольш актуальных кірунках, у многім садзейнічала пазбаўленню пры распрацоўцы тэхнічных сродкаў для сельскай гаспадаркі ад паралелізму і дубляжу. Навукова-практычны цэнтр ужо адразу паставіў сваёй мэтай фарміраванне сістэм машын, машынных комплексаў (і адпаведнае навуковае суправаджэнне гэтай ідэі), якія б у пэўнай сельскагаспадарчай галіне «вялі» ўсе тэхналагічныя працэсы ад пачатку і да канца, забяспечвалі тэхналагічную непарыўнасць гэтых працэсаў. Мэтай Навукова-практычнага цэнтра стала стварэнне тэхналагічных комплексаў сучасных айчынных машын і абсталявання для механізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, якія б не саступалі лепшым замежным узорам.

НПЦ з’яўляецца заснавальнікам наступных даччыных прадпрыемстваў: 

  • эксперыментальнага завода з філіяламі ў Мінску і ў Ждановічах (на іх вырабляюцца ўзоры новай тэхнікі па канструктарскіх распрацоўках спецыялістаў НПЦ); 
  • эксперыментальнай базы «Зазер’е» (сельскагаспадарчы кірунак); 
  • прадпрыемства «Інстытут „Плодаагароднінапраект”; 
  • вытворчага прадпрыемства „Конус” (інавацыйныя распрацоўкі ў галіне электронных сістэм кіравання ў сельскагаспадарчых галінах). 

У склад НПЦ уваходзяць шэраг аддзелаў і спецыялізаваных лабараторый.

Сёння мы змяшчаем інтэрв’ю з генеральным дырэктарам НПЦ Уладзімірам Самасюком.

Прадстаўляем суразмоўцу

 

Уладзімір Георгіевіч Самасюк пачынаў сваю працоўную дзейнасць пасля заканчэння Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута на прадпрыемствах Мінсельбуда і Дзяржкамсельгастэхнікі БССР, у свой час узначальваў рэспубліканскі будаўніча-мантажны трэст „Аграбудмантаж” Дзяржаграпрама. Працаваў таксама начальнікам Мінскага абласнога праектна-прамыслова-будаўнічага аб’яднання, начальнікам аддзела Мінскага аблвыканкама, намеснікам міністра сельскай гаспадаркі.

З 2003 года па красавік 2006-га — генеральны дырэктар аб’яднання „Белаграсэрвіс”, з красавіка 2006 года — узначальвае навукова-практычны цэнтр.

У 1997 годзе закончыў Акадэмію кіравання, кандыдат эканамічных навук. З’яўляецца членам калегіі Міністэрства сельскай гаспадаркі, членам бюро Аддзялення аграрных навук Нацыянальнай акадэміі, старшынёй вучонага савета цэнтра, удзельнічае ў працы шэрагу іншых навуковых і грамадскіх арганізацый.

Займаецца не толькі гаспадарчай, практычнай работай, але і навуковай, чытае курс лекцый для слухачоў Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта.

— Уладзімір Георгіевіч, напачатку больш дакладна акрэсліце асноўныя кірункі дзейнасці вашага цэнтра.

— Гэтыя кірункі дакладна абазначаны ў нашых заснавальніцкіх дакументах і перш за ўсё заключаюцца ў пошуку з дапамогай навуковых даследаванняў перспектыўных шляхоў у справе механізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, у вывучэнні і абагульненні адпаведнага сусветнага перадавога вопыту, аналізе пэўных тэндэнцый, у прагназаванні ўсяго гэтага працэсу, распрацоўцы тэарэтычных асноў для стварэннях тых ці іншых сродкаў механізацыі і прымянення тых ці іншых тэхналогій у важнейшых галінах аграпрамысловага комплексу. Карацей кажучы, мы ва ўсім гэтым працэсе, ва ўсёй гэтай справе павінны вывучаць, абагульняць і каардынаваць. Ну, а калі зыходзіць з больш практычнага пункта гледжання на гэтую справу, намаганні цэнтра, яго спецыялістаў у першую чаргу павінны быць скіраваныя на паскоранае ўкараненне ў сельскагаспадарчую вытворчасць новых, сучасных тэхналогій і тэхнічных сродкаў, на распрацоўку сістэм машын, якія забяспечвалі б поўную механізацыю вытворчых працэсаў у той ці іншай галіне раслінаводства або жывёлагадоўлі — ад самага пачатку і да канца, сістэм машын, якія працавалі б у адзіным непарыўным тэхналагічным ланцугу. Асабліва падкрэслю: гэта павінны быць менавіта сістэмы машын, якія дзейнічалі б у адзіным тэхналагічным ланцугу, патоку, арганічна змянялі адна другую. Для нас, для нашага аграпрамысловага комплексу гэта асабліва важна. Гэта павінны быць сістэмы машын, сістэмы машынных комплексаў, якія неслі б з сабой, рухалі развіццё энергазберагальных, экалагічна чыстых сельскагаспадарчых тэхналогій, якія забяспечвалі б найвышэйшую прадукцыйнасць працы і максімальна нізкі сабекошт сельскагаспадарчай прадукцыі, у цэлым інтэнсіўны шлях развіцця сельскай гаспадаркі.

Асабліва падкрэслю: у цэнтры сістэмна вядзецца работа па стварэнні тэхнікі. Менавіта сістэмна. Першае, што мы зрабілі, каб забяспечыць гэтую сістэмнасць, — вызначыліся з асноўнымі прамысловымі прадпрыемствамі, куды перадаём дакументацыю на нашы вырабы (гэта прадпрыемствы Міністэрства прамысловасці, „Белаграсэрвіса”). Стварылі таксама інавацыйна-тэхналагічныя палігоны, дзе выпрабоўваем сваю тэхніку і адначасова правяраем вынікі нашых навуковых даследаванняў, — у прыватнасці, на нашай эксперыментальнай базе „Зазер’е” ў Пухавіцкім раёне, а таксама ў Мазыры, у Лідскім раёне. Зразумела ўжо, нашы распрацоўкі з’яўляюцца распрацоўкамі інавацыйнага складу, і мы на гэтым інавацыйным шляху пастаянна звяраемся з практыкай.

— Уладзімір Георгіевіч, усю шматгранную дзейнасць цэнтра даволі цяжка ўкласці ў нейкія канкрэтныя лічбы, паказчыкі і, тым не меней, ці можна назваць хоць нейкія абагульняючыя вынікі?

— На базе сваіх навуковых даследаванняў мы займаемся і непасрэдна стварэннем новай, сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікі, распрацоўкай адпаведнай канструктарскай дакументацыі. Дык вось, на сёння 60—80 працэнтаў прычапной тэхнікі, якая выпускаецца ў рэспубліцы (а гэта сеялкі, бульбасаджалкі, культыватары, машыны для ўборкі ўраджаю і г.д.), вырабляецца менавіта па нашых распрацоўках. (Тут жа варта ўдакладніць: акрамя прычапной тэхнікі, у цэнтры актыўна распрацоўваюць і самаходную тэхніку. Гэта, напрыклад, датычыць машын для лёну, якія цяпер знаходзяцца на патоку эксперыментальнага завода цэнтра.)

І яшчэ назаву такія лічбы: калі ў 2002 годзе па распрацоўках цэнтра ў рэспубліцы выпускалася сельскагаспадарчай тэхнікі на 18 мільярдаў рублёў, то летась выпушчана на 287 мільярдаў. Дарэчы, гэта сведчыць не толькі пра непасрэдна нашу працу, а ў цэлым пра агульную запатрабаванасць сельскагаспадарчай вытворчасці ў новай сучаснай тэхніцы, пра тое, як адгукнулася на гэтую запатрабаванасць наша прамысловасць. Ну і, вядома ж, гэта сведчыць і пра адпаведны клопат дзяржавы, або канкрэтны клопат пра тое, каб гэтую тэхніку наша прамысловасць магла выпусціць, а сельская гаспадарка — купіць. Дзяржава дакладна вызначыла тыя фінансавыя механізмы, якія дазваляюць зрабіць гэта. Неабходна сказаць тут і пра наступнае: айчынная тэхніка, насуперак асобным сцвярджэнням, — добра запатрабаваная. Ды іначай і не можа быць, бо гэта, падкрэслю, якасна новая тэхніка, энерга- і рэсурсазберагальная, высокапрадукцыйная, гэта таксама тэхніка з шырокімі тэхналагічнымі магчымасцямі. Напрыклад, нашы глебаапрацоўча-пасяўныя агрэгаты могуць выконваць адразу па 3–4 аперацыі за адзін праход па полі. Мы апошнім часам наладзілі выпуск зусім новай для нас тэхнікі, якая забяспечвае выкананне тэхналагічных аперацый у бульбаводстве і льнаводстве.

— Тым не менш, напэўна, варта прызнаць, працаўнікі сельскай гаспадаркі часам аддаюць перавагу замежнай тэхніцы. Што вы на гэта скажаце?

— А мы давайце вызначым гэтую „перавагу” ў канкрэтных лічбах. Напрыклад, замежных трактароў на нашых палях працуе толькі каля 2 працэнтаў, замежнай прычапной тэхнікі — 5—10 працэнтаў, не болей. Разам з тым, сапраўды, у нашай сельскай гаспадарцы нямала працуе тэхнікі, якая выпушчана нашым машынабудаўнічым комплексам сумесна з замежнымі фірмамі. Скажам, выпускаецца ў нас у краіне сумесная сеялка разам з вядомай фірмай „Амазон”. Гэта, аднак, нармальная сітуацыя, нармальная практыка. І тым больш гэта нармальна, калі мець на ўвазе, што недзе працэнтаў на 60 гэта сеялка скамплектаваная з нашых, айчынных, вузлоў і вырабаў і на 20—40 працэнтаў — з замежных. А вось гэты прыклад датычыць ужо непасрэдна нашага цэнтра, ці, дакладней, яго эксперыментальнай вытворчасці. У прыватнасці, мы сумесна з французскай фірмай „Дэхонт” не так даўно арганізавалі выпуск тэхнікі для ўборкі лёну. І ўжо вельмі хутка дасягнулі, так бы мовіць, нашага, айчыннага, зместу ў гэтай тэхніцы, лакалізацыі работ непасрэдна ў нас недзе на 40—50 працэнтаў.

Што датычыць чыста імпартнай тэхнікі, якая купляецца за мяжой, яна таксама выконвае не толькі чыста практычныя функцыі, г. зн. працуе непасрэдна на полі, — яе ўзоры (а купляецца, як правіла, сучасная імпартная тэхніка) служаць для нас у якасці пэўных параўнанняў, мы як бы звяраем з ёй свае распрацоўкі.

— Якія кірункі па стварэнні тэхнікі цяпер у цэнтра найбольш актуальныя?

— Адказваючы на гэтае пытанне, варта спачатку абазначыць адпаведны дзяржаўны клопат, назваць найбольш актуальныя на сёння дзяржаўныя праграмы. А гэта праграмы „Лён” і „Бульба”. У поўнай адпаведнасці з гэтымі праграмамі дзейнічае і наш цэнтр. У прыватнасці, мы ўжо нямала папрацавалі па праграме „Лён”, а цяпер пераважна працуем на праграму „Бульба”. Мяркую, што зробім для выканання гэтых праграм высокаэфектыўныя сістэмы машын, якія забяспечаць комплексны падыход у гэтых галінах — ад пасеваў да захоўвання прадукцыі, нават яе перадпродажавай падрыхтоўкі. І такія машыны ўжо выпускаюцца непасрэдна ў цэхах нашай эксперыментальнай вытворчасці.

— Уладзімір Георгіевіч, вашы распрацоўкі абавязковыя для вытворцаў тэхнікі, ці яны носяць толькі рэкамендацыйны характар? Урэшце, менавіта ж ім, вытворцам, прадаваць потым адпаведную тэхніку, словам, адказваць за яе ўжо сваім рублём. Ды яны і самі ж могуць нешта стварыць, самастойна…

— Яны не могуць выканаць пэўную распрацоўку на тым узроўні, на якім зробім гэта мы. У нас, па-першае, ужо ёсць дакладная сістэма (комплекс) пэўных машын пад тую ці іншую культуру, ёсць дэталёвы аналіз таго, што сельскай гаспадарцы на дадзены момант патрэбна, нарэшце, нагадаю, мы працуем згодна з заказамі Міністэрства сельскай гаспадаркі. Так, вытворцы могуць зрабіць і самі, але каму потым прададуць? Увогуле, у гэтым плане задзейнічана вельмі сур’ёзная сістэма. Напрыклад, цяпер вельмі сур’ёзнымі з’яўляюцца пытанні стварэння комплексаў машын для жывёлагадоўлі. І гэта павінны быць менавіта комплексы машын, механізмаў, рознага дапаможнага абсталявання, а не разрозненыя, зусім не звязаныя паміж сабой тэхналагічна асобныя адзінкі і экзэмпляры, няхай і вельмі добрыя. Гэтае пытанне — комплекснай механізацыі той ці іншай формы — павінна вырашацца з усебаковым папярэднім аналізам. Ці можна на ўзроўні асобна ўзятага прадпрыемства забяспечыць такі вось дакладны аналіз і комплексны падыход да вырашэння пытанняў па механізацыі ўсіх вытворчых працэсаў?..

Тэхнічны ўзровень і якасць вырабаў НПЦ: сведчаць факты

2008 год, Масква, міжнародная выстаўка «Залатая восень» — самаходная машына па хімізацыі МХС-10, распрацаваная цэнтрам, адзначана залатым медалём. Дарэчы, гэта машына ўжо паспяхова працуе на сельскагаспадарчых палетках краіны.

2008 год, Масква, тая ж выстаўка «Залатая восень» — саджалка бульбяная паўнавясная СК-4 (распрацоўка цэнтра) таксама атрымлівае залаты медаль. Прычым гэтая саджалка пастаўлена ў адзін шэраг з найлепшымі замежнымі ўзорамі.

Масква, «Залатая восень-2009» — самаходны прэс-падборшчык ільну і самаходны паварочвальнік ільну, перад гэтым толькі што распрацаваныя цэнтрам і сабраныя на яго эксперыментальным заводзе, атрымліваюць адпаведна залаты і сярэбраны медалі выстаўкі.

— Такое пытанне: у Мінску нядаўна была праведзена чарговая міжнародная выстаўка „Белагра”, якая, увогуле, атрымалася даволі маштабнай. Пры гэтым, што датычыць узораў сельскагаспадарчай тэхнікі, якая дэманстравалася на выстаўцы, айчынная яўна пераважала. І гэта вельмі няблага. Але вось закавыка: ва ўсіх прадстаўленых узорах можна было проста заблудзіць, часам падавалася, што гэтыя ўзоры проста паўтаралі адзін аднаго. Як арыентавацца ва ўсім гэтым сельскагаспадарчаму працаўніку?

— Найперш адзначу ўдзел у гэтай, сапраўды маштабнай, выстаўцы непасрэдна нашага цэнтра. А мы выставілі сёлета каля 60 узораў тэхнікі, вырабленай непасрэдна ў нашай эксперыментальнай вытворчасці — болей, чым калі-небудзь. Акрамя таго, каля 20 узораў тэхнікі, створанай па распрацоўках цэнтра, выставілі іншыя прадпрыемствы.

А цяпер адкажу на зададзенае пытанне, прычым спачатку больш дакладна сфармулюю яго. А яно, няйначай, наступнае: ці каардынуе хто ў краіне ўвесь гэты працэс па выпуску сельскагаспадарчай тэхнікі? Адкажу на гэта так: на пэўным этапе гэтага не было, і напэўна, было і няблага, што яе выпускам займаліся многія. Гэта значыць, што гаспадаркі пры набыцці тэхнікі маглі, маючы на ўвазе аналагічныя вырабы некалькіх вытворцаў, выбраць лепшае па якасці, па цане. Словам, падобная раскіданасць пэўных вырабаў па многіх вытворцах сапраўды прысутнічала. Цяпер жа ўхіл робіцца на большую канцэнтрацыю гэтага працэсу — з тым, каб пазбавіцца ад выпадковых вытворцаў, гэты працэс каардынуецца. Як усё гэта выглядае? Выпускаюць сельскагаспадарчую тэхніку пераважна прадпрыемствы Міністэрства прамысловасці, яны і атрымліваюць у нас усю дакументацыю, якая распрацоўваецца ўжо ў адпаведнасці з заказамі Міністэрства сельскай гаспадаркі. Словам, наш цэнтр (ад імя Акадэміі навук, у распараджэнні якой ён знаходзіцца), разам з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і Міністэрствам прамысловасці і ажыццяўляюць у гэтым кірунку пэўную тэхнічную палітыку; пры гэтым створаны і адпаведны каардынацыйны савет. Да таго ж, варта нагадаць, у краіне задзейнічаны дзве дзяржаўныя праграмы — „Белагракомплекс” (па распрацоўцы тэхнікі для механізацыі вытворчых працэсаў у жывёлагадоўлі) і „Белсельгасмеханізацыя” (распрацоўка прычапной тэхнікі для вёскі). Гэтыя праграмы, у прыватнасці, і закліканыя ўпарадкаваць усю адпаведную работу, закліканыя праводзіць яе сістэмна. Акрамя таго, мы таксама стварылі каардынацыйны савет і з „Белаграмашам” — найбуйнейшым у краіне канцэрнам па вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі. Гэты савет рэгулярна, раз у квартал, абмяркоўвае пэўныя пытанні — напрыклад, наконт таго, на якіх прадпрыемствах распачаць вытворчасць той ці іншай тэхнікі, на якіх, у сувязі з яе нізкай якасцю, — закрыць. Такім чынам, па сутнасці, менавіта за гэтым саветам вырашальнае слова наконт таго, што і дзе выпускаць; па сутнасці, менавіта ён і каардынуе ўвесь працэс.

І яшчэ ў сувязі з гэтым такая, даволі паказальная, з дазволу, дэталь. Ужо вядома, цяпер многія ўкаранілі ў сябе сістэмы менеджменту якасці (у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ІСО), але яшчэ далёка не ўсе. І мы ўжо прыйшлі да думкі, што на тыя прадпрыемствы, якія не маюць у сябе адпаведнага сертыфікату, не варта перадаваць нашу канструктарскую дакументацыю па выпуску тых або іншых машын; у такіх выпадках можна лічыць, што такія прадпрыемствы да гэтага тэхнічна негатовыя.

— Уладзімір Георгіевіч, вы ў гэтым выпадку ўскосна закранаеце пытанні якасці, тэхнічнай дасканаласці айчыннай сельскагаспадарчай тэхнікі. І яе ўзровень, прынамсі ўзровень той тэхнікі, якую давялося ўбачыць на вашым эксперыментальным канвееры, сапраўды высокі, гэта тэхніка цалкам параўнальная з найлепшымі замежнымі ўзорамі. Але найбольш строгім экзаменатарам гэтага ўзроўню служыць экспарт…

— Пытанне зразумелае. І павінен у сувязі з ім адзначыць: у нас ужо намеціўся паток пэўнай тэхнікі, якая ідзе ў Расію, а таксама ў іншыя постсавецкія рэспублікі. Так, паспяхова пастаўляе свае машыны за мяжу ААТ „Бабруйскаграмаш”, а Мінойтаўскі рамонтны завод Лідскага раёна — свае сучасныя шматкорпусныя плугі. Вось і наша эксперыментальная вытворчасць пачынае працаваць на экспарт. Гэта, у прыватнасці, датычыць не так даўно створанай у нас тэхнікі для вырошчвання бульбы — ёю зацікавіліся ў Расіі, у Чувашыі.

Увогуле, мы апошнім часам вельмі сур’ёзна працуем з замежжам, нас нямала дзе добра ведаюць. Так, мы актыўна супрацоўнічаем, вядома ж, з Расіяй (і нават ствараем у ёй сумесныя вытворчасці), з Ізраілем (супрацоўнічаем у галіне аснашчэння малочнатаварных фермаў), з Венесуэлай, Іспаніяй, Германіяй, Францыяй (я ўжо казаў пра кааператыўныя сувязі з французскай фірмай „Дэхонт”), з Польшчай (у нас самыя цесныя сувязі з яе двума аналагічнымі даследчымі інстытутамі). Гэтае супрацоўніцтва, якое атрымала асабліва добрае развіццё апошнім часам, ідзе на добрую карысць як нам, так і нашым партнёрам.

— Сёння вельмі актуальныя пытанні энергазберажэння, у цэлым рэсурсазберажэння — якім чынам у цэнтры ўлічваюцца гэтыя пытанні падчас яго навуковых даследаванняў і канструктарскіх распрацовак, на што перш за ўсё звяртаецца ўвага, якім кірункам аддаюцца перавагі?

— Сёння гэтыя пытанні — энергазберажэння і ў цэлым рэсурсазберажэння трэба ставіць нават шырэй. Трэба не проста ўкараняць у сельскагаспадарчую вытворчасць энергазберагальную і рэсурсазберагальную тэхніку, а ў цэлым энерга- і рэсурсазберагальныя тэхналагічныя працэсы, класці ў аснову гэтых працэсаў не адзінкавыя, няхай і вельмі эфектыўныя віды тэхнікі, разлічанай на асобна ўзятыя аперацыі, а цэлыя, і я гэта ўжо адзначаў, комплексы машын, якія звязвалі б усе аперацыі тэхналагічнага ланцужка, асобныя тэхналагічныя працэсы ў адно цэлае. Гэта патрабаванне часу. Напрыклад, мы бачым, што затраты працы, энергіі ў нашай жывёлагадоўлі ў 2 разы вышэйшыя, чым у краінах ЕС. Так, на атрыманне аднаго цэнтнера малака ў нас затрачваецца 8—14 чалавека-гадзін, або ў 2—3 разы больш, чым у Еўропе, кармоў выдаткоўваецца ў 1,5 раза болей. Што трэба зрабіць, каб знізіць сабекошт нашага малака? А менавіта эфектыўнасць і сабекошт прадукцыі, падкрэслю, павінны выступаць у якасці асноўных крытэрыяў ва ўсім гэтым працэсе механізацыі, найвышэйшая эфектыўнасць пры найменшых затратах — такой павінна быць наша агульная ўстаноўка… Патрэбен менавіта комплекс мерапрыемстваў, і менавіта па ўсім тэхналагічным ланцужку — гэта значыць трэба ствараць і сучасныя, больш камфортныя ўмовы ўтрымання жывёлы, і сучасныя прагрэсіўныя метады даення (гэта, у сваю чаргу, патрабуе абсталявання спецыяльных даільных залаў), трэба дабівацца паляпшэння якасці кармоў (а гэта значыць, і якасці іх нарыхтоўкі, прыгатавання і захоўвання), для чаго таксама патрабуюцца адпаведныя тэхналогіі і адпаведная тэхніка. Словам, патрэбны сучасныя тэхналогіі, а пад іх адпаведныя машыны, механізмы, абсталяванне.

Далей, возьмем раслінаводства. Сёння ў ім актуальнае прымяненне тэхналогій, якія маюць на ўвазе максімальна магчымае скарачэнне праходжання па полі тэхнікі з яе агрэгатамі. Значыць, гэтыя агрэгаты павінны быць універсальныя, камбінаваныя, у іх павінна быць сумешчана па некалькі аперацый, якія неабходна выканаць. І ўзоры такіх агрэгатаў ужо створаныя. Напрыклад, пры пасадцы бульбы яны адначасова наразаюць грэбні, высаджваюць у гэтыя грэбні клубні і ўносяць стартавую дозу ўгнаенняў. Такіх бульбасаджалак, паводле распрацовак цэнтра, выпушчана ўжо ў краіне, у тым ліку і на нашым эксперыментальным заводзе, больш за 200.

Калі заглянуць крыху наперад, у асноўныя напрамкі развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці на 2011—2015 гады, мы павінны скараціць расход паліва на адзінку прадукцыі — на 15 працэнтаў, у цэлым працоўныя затраты на 40—60 працэнтаў, сабекошт той жа механізацыі работ — на 30 працэнтаў. Гэта вельмі сур’ёзныя задачы. Што для гэтага трэба? Трэба сур’ёзна папрацаваць над абнаўленнем нашага трактарнага парку (па падліках, абнавіць яго на 29 працэнтаў), камбайнавага (на 40 працэнтаў); трэба не менш як на 21 працэнт абнавіць нашу пасяўную і глебаапрацоўчую тэхніку. Нам вельмі неабходныя энерганасычаныя трактары, а пры гэтым важна мець і поўны набор адпаведных прычапных механізмаў да іх, і гэта ўжо, па сутнасці, перспектыўная задача для нашага цэнтра. Варта памятаць: выкарыстанне падобнай энерганасычанай тэхнікі вядзе да рэзкага росту прадукцыйнасці працы, значнага павышэння эфектыўнасці яе, а ў выніку і да вельмі значнага зніжэння сабекошту работ, а значыць — і да зніжэння сабекошту прадукцыі. Увогуле, мы ў гэтым плане павінны наблізіцца да еўрапейскіх стандартаў. І мы ўжо набліжаемся да іх. Так, калі раней у краіне здымалі збожжавых у сярэднім па 29—30 цэнтнераў з гектара, то сёння ўжо здымаем па 40, а ў асобных раёнах, напрыклад, у Гродзенскім, — і па 70. Тым не менш, працаваць ёсць над чым. Прычым варта памятаць, маючы на ўвазе нашу цвёрдую зарыентаванасць на ўзровень ЕС: гэта фактар не толькі механізацыі, але і генетыкі жывёлы, дакладнай селекцыйнай працы, захоўвання адпаведных агратэхнічных прыёмаў і правілаў і г.д. Сельскагаспадарчая вытворчасць патрабуе ў цэлым строгага навуковага падыходу. Для вучоных тут вялікі фронт працы. Без навукі, без навуковых задзелаў, без рэкамендацый вучоных сёння, калі мець на ўвазе пастаўленыя мэты, проста не абысціся. Кожны дадатковы кілаграм збожжа і кілаграм „лішняга” малака будзе браць усё цяжэй і цяжэй. Тут ужо мерапрыемствы чыста арганізацыйнага характару не дапамогуць. Толькі навука.

— Уладзімір Георгіевіч, вось вы гаворыце пра рэкамендацыі вучоных, а ці ва ўсякай гаспадарцы пачуюць гэтыя рэкамендацыі, прыслухаюцца да іх?

— Што ж, тут, як кажуць, ёсць пытанне. Увогуле хачу адзначыць: калі ў гаспадарцы здымаюць добры ўраджай, значыць у ёй працуюць добры аграном і нядрэнны галоўны інжынер. Аднак як дайсці менавіта да ўсіх? У нашым цэнтры гэтае пытанне таксама не застаецца па-за ўвагай. Па-першае, мы з’яўляемся філіялам інстытута БДАТУ па павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы кадраў. У нас пастаянна праходзяць навучанне і перападрыхтоўку спецыялісты сельскай гаспадаркі, прычым у нас рэалізуецца так званы праект „Агравяршыня” — на нашай эксперыментальнай базе „Зазер’е”, дзе многія ідэі нашых навукоўцаў праходзяць, так бы мовіць, практычную апрабацыю. Безумоўна, возім мы туды і сваіх гасцей. Словам, мы не забываемся і пра пэўную асветніцкую работу, і гэта, думаю, прыносіць у цэлым неблагі вынік. А ўвогуле, калі вярнуцца да пытання наконт таго, ці ўсе пачуюць рэкамендацыі вучоных, напэўна, можна адказаць так: хто захоча, той пачуе, той сам знойдзе гэтыя рэкамендацыі. Яшчэ раз падкрэслю: сёння больш дакладнага, навукова абгрунтаванага вядзення сельскагаспадарчай справы, сельскагаспадарчай вытворчасці патрабуе сам час.

Іван БАРАНОЎСКІ.
УНП 100230575.

Р.S. Ад імя калектыву рэдакцыі газеты „Звязда” шчыра віншуем Уладзіміра Георгіевіча Самасюка з юбілеем. Зычым яму моцнага здароўя і новых творчых поспехаў.

http://www.zviazda.by/ru/issue/article.php?id=62400

http://www.zviazda.by/a2ttachments/62395/14lip-8.indd.pdf